Падаткавікі нагадваюць беларусам, што трэба заплаціць маёмасныя падаткі за 2024 год. 17 лістапада — апошні дзень, калі гэта можна зрабіць. У Міністэрстве па падатках і зборах (МПЗ) расказалі, як могуць пакараць тых, хто забудзе своечасова ўнесці зборы.
Звычайна маёмасныя падаткі трэба ўнесці да 15 лістапада наступнага года. Але паколькі 15-га і 16-га прыпалі на выходныя, у 2025-м крайні тэрмін выплаты гэтых збораў перанеслі на пазнейшы час.
«За нясвоечасовую выплату (нявыплату) сум маёмасных падаткаў прадугледжваецца налічэнне пені, адміністрацыйная адказнасць, прымусовае спагнанне нявыплачаных сум», — адзначаюць у МПЗ.
У КаАП прапісана, што для тых, хто не заплаціў адзіны маёмасны плацёж, прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць — да 40% ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш за дзесяць базавых велічынь (на сёння гэта 420 рублёў). «За паўторную наўмысную нявыплату цягам аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання — да двухсот базавых велічынь (да 8400 рублёў)», — удакладнялі раней падаткавікі.
У МПЗ нагадалі, што аплаціць маёмасныя падаткі можна ў АРІП, інфакіёсках і банкаматах, паштовых і банкаўскіх аддзяленнях.
Чытайце таксама






